Івянец - мястэчка на р. Волма (прыток Іслачы), за 31 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, аўтадарогамі злучаны з Валожынам, Дзяржынскам (Койданавам), Мінскам, Навагрудкам, Стоўбцамі. 5,2 тыс. ж. (1994).
Захаваліся помнікі архітэктуры: Аляксееўскі касцёл 1905—07 гг. , кляштар францысканцаў 1702—05 гг., рэшткі сядзібы пач. 20 ст.
Планіровачную структуру мястэчка фарміруюць сучасныя вуліцы Леніна (былая Зашкольная), 1 Мая (б. Віленская), Камсамольская (б. Ракаўская), 17 Верасня (б. Койданаўская), якія зыходзяцца на правым беразе Волмы, і вуліцы Прамысловая (б. Княжская) і Дзяржынскага (былая дарога на Камень) (левы бераг ракі). Улічваючы прыродна-геаграфічныя ўмовы, размяшчэнне паблізу сталіцы краіны і буйных лясных масіваў (на поўначы Пяршайская, на захадзе Налібоцкая пушчы), мястэчка можа выконваць ролю цэнтра зоны адпачынку. Грамадскі цэнтр гістарычна склаўся на правым беразе Волмы, на перакрыжаванні вуліц Камсамольскай (б. Ракаўская) і 17 Верасня (б. Койданаўская), дзе створана пл. Свабоды (б. Рынкавы пляц). Тут размешчаны адміністрацыйныя будынкі. Мястэчка развіваецца ў паўднёва-ўсходнім напрамку. У правабярэжнай частцы - жылы мікрараён, левабярэжжа забудоўваецца дамамі сядзібнага тыпу.
Літ.:
Марат Батвіннік, Валерый Шаблюк
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3.
Мінск, "Беларуская Энцыклапедыя", 1996
У.В. Алісейчык, Г.А. Каханоўскі
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1987